
“Жыло-было слова такое:
modus. Значыла яно: «спосаб», «мера», «рытм». Часам Чалавечая Думка выкарыстоўвала яго ў форме
modo, і тады звязвалася яно са значэннем «цяпер», «зараз жа», што, было пэўнай нечаканасцю для гэтага слова. З цягам часу загадана было слову стаць
modernus, што бянтэжыла яго, але яшчэ не пагражала ягонай тоеснасці. Захаваць тоеснасць, хоць і з горам папалам, удалося і наступным разам, калі Чалавечая Думка перарабіла яго ў
modernismus. Аднак, калі неўзабаве было запатрабавана ад слова стацца
postmodernismus, пачаўся сур'ёзны і драматычны крызіс ягонай тоеснасці…
Але на гэтым не скончыліся ўсе выпрабаванні нашага слова. Амаль увадначас з'явілася запатрабаванне на новую ідэю, і слова было перароблена на
afterpostmodernism. Трэба чакаць, што неўзабаве Чалавечая Думка, не задумваючыся, выдасць новы дэкрэт: патрэбны
antiafterpostmodernism!”
Гэтая “байка пра слова”, на думку
філосафа Пятра Рудкоўскага, ілюструе пэўную моду філасафавання, якая з 90-ых гадоў запанавала ў інтэлектуальных асяродках Беларусі, - моду, у аснову якой пакладзена тэхніка канструявання шматпавярховых абстракцый. Філасофская рэфлексія у Беларусі нярэдка явіцца беспрадметнай, эзатэрычнай, зацыкленай вакол канцэпту мадэрн
vs постмадэрн, адчужанай ад класічнага філасафавання, у аснову якой пакладзены аналіз - крытыка - аргументацыя. Паколькі згаданая мода філасафавання схільная апраўдвацца спасылкай на сваю "актуальнасць", паколькі шмат энергіі губляецца на беспрадметную дыскусію, што ёсць актуальным і неактуальным, паколькі такая мода і такая дыскусія прывяла да занядбання ўласна філасофскіх даследаванняў, “нямодны”філосаф мае намер выступіць супраць "актуальнасці" філасофіі і прамовіць
“Гораду і Свету” слова ў абарону "анахранічнай", "неактуальнай" філасофіі.
Лекцыя філосафа Пятра Рудкоўскага “Слова ў абарону “неактуальнай” філасофіі” адбудзеццца
9 сакавіка ў Галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а). Пачатак а 18.30. Уваход вольны!
Online-трансляцыя лекцыі Чытайце таксама інтэрв’ю з лектарам